Факультэт раманскіх моў

Гісторыя факультэта

Адным з самых маладых факультэтаў БДУЗМ з'яўляецца факультэт раманскіх моў. Ён быў створаны 1 студзеня 2018 года ў выніку аб'яднання двух факультэтаў: факультэта французскай мовы і факультэта іспанскай мовы. У склад факультэта раманскіх моў таксама ўвайшла кафедра італьянскай мовы.

Нягледзячы на свой «юны» ўзрост, факультэт мае сваю ўласную гісторыю працягласцю больш за 70 гадоў!

У 1944 годзе як аддзяленне ў складзе факультэта замежных моў педагагічнага інстытута імя А.М. Горкага ствараецца факультэт французскай мовы. У далейшым у 1948 годзе на базе тады яшчэ Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута замежных моў адкрываецца аддзяленне французскай мовы, якое ў 1961 годзе ператвараецца ў асобны факультэт.

У 1962 годзе на факультэце французскай мовы адкрываецца аддзяленне іспанскай мовы, якое праз 4 гады становіцца самастойным факультэтам.

Першым дэканам аб'яднанага факультэта раманскіх моў стаў кандыдат філалагічных навук, дацэнт Валянцін Антонавіч Паўлоўскі.

У цяперашні час факультэт узначальвае кандыдат філалагічных навук, дацэнт Алена Анатольеўна Кучугурная.

Факультэт сёння

У цяперашні час на факультэце функцыянуюць чатыры кафедры:

  • Кафедра фанетыкі і граматыкі іспанскай мовы (загадчык: кандыдат філалагічных навук, дацэнт Н. У. Лешчанка),
  • Кафедра фанетыкі і граматыкі французскай мовы (загадчык: кандыдат філалагічных навук, дацэнт Я. А. Гапановіч),
  • Кафедра тэорыі і практыкі іспанскай і французскай моў (загадчык: кандыдат філалагічных навук, дацэнт А. М. Дудзіна),
  • Кафедра італьянскай мовы (загадчык: кандыдат філалагічных навук, дацэнт К.В. Часнакова).

Каля 70 высокакваліфікаваных спецыялістаў у галіне лінгвістыкі, замежнай літаратуры, рыторыкі, методыкі выкладання замежных моў, сярод якіх прафесары, дацэнты, старшыя выкладчыкі і выкладчыкі, навучаюць больш за 400 студэнтаў факультэта раманскіх моў, а таксама ажыццяўляюць выкладанне іспанскай, французскай і італьянскай моў як другой замежнай мовы на перакладчыцкім факультэце, факультэце міжкультурных камунікацый і факультэце англійскай мовы.

На кафедрах факультэта вядзецца актыўная навуковая праца ў рамках такіх навуковых тэм, як «Канстантнасць і варыятыўнасць адзінак французскай мовы ў сучасных дыскурсіўных практыках», «Лінгвапрагматычныя характарыстыкі моўных адзінак у розных тыпах дыскурсу», «Адлюстраванне нацыянальнага характару ў моўнай карціне свету італьянцаў». Вынікі навукова-даследчай працы выкладчыкаў кафедр штогод прадстаўляюцца на міжнародных навуковых канферэнцыях і адлюстраваны ў публікацыях навуковага і навукова-метадычнага характару.

Грамадскае жыццё

 Пазаўрочная дзейнасць на факультэце разнастайная і цікавая. Універсітэт і факультэт прапануюць студэнтам шматлікія магчымасці ўдзелу ў творчых калектывах, студэнцкіх арганізацыях, праектах і мерапрыемствах.

На факультэце раманскіх моў ужо сталі традыцыйнымі прафесійна-арыентаваныя мерапрыемствы: фанетычны конкурс (які з 2023 года стаў міжнародным), міжнародная алімпіяда па французскай мове, лінгвістычныя і літаратурныя квізы. Навуковай дзейнасцю студэнты могуць займацца ў рамках навуковых гурткоў, міжнародных і ўніверсітэцкіх навуковых канферэнцый, конкурсаў.

Праявіць свае таленты можна ў творчых калектывах: на факультэце арганізаваны і паспяхова працуюць вакальная, тэатральная, танцавальная групы, функцыянуюць два размоўныя клубы: па французскай і іспанскай мовах, гурток па навучанні венесуэльскім танцам. Штогод праводзяцца тыдні іспанскай, французскай і італьянскай моў, у рамках якіх студэнты могуць не толькі праявіць сябе, але і даведацца шмат новага пра мовы, якія вывучаюць. Студэнты факультэта прымаюць актыўны ўдзел у мерапрыемствах, арганізаваных сумесна з пасольствамі краін Лацінскай Амерыкі: Дні культуры Венесуэлы, Лацінаамерыканскі фестываль, лекцыі, сустрэчы і творчыя вечары. Ва ўніверсітэце створаны ўсе ўмовы для заняткаў спортам: можна прыняць удзел у спартландыях, паходах, спартыўным арыентаванні. Найбольш актыўныя студэнты могуць стаць часткай студэнцкага савета факультэта і ўдзельнічаць як у існуючых праектах, так і прапанаваць свой праект і сабраць дружную каманду для яго рэалізацыі.

Магчымасці працаўладкавання

Выпускнікі факультэта запатрабаваныя на рынку працы і маюць шырокія магчымасці працаўладкавання. Яны працуюць:

  • ва ўстановах адукацыі,
  • у буйных лагістычных і IT-кампаніях,
  • у пасольствах Кубы, Венесуэлы і іншых краін,
  • у турыстычным бізнесе і інш.

Чаму ФРМ?

  • ФРМ – гэта:
  • прафесійнае выкладанне самых распаўсюджаных у свеце моў
  • шырокія магчымасці для рэалізацыі навукова-даследчага і творчага патэнцыялу;
  • выдатны старт для паспяховай кар’еры