Назад

Вектары акадэмічнага партнёрства

27 мая 2026

27 мая 2026 года ў Мінску адбыўся Трэці Форум Лігі рэктараў універсітэтаў Беларусі, Бразіліі і Расіі. Сёлета Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт замежных моў стаў цэнтральнай пляцоўкай маштабнай міжнароднай падзеі, якая аб'яднала кіраўнікоў устаноў вышэйшай адукацыі. За тры гады Форум вырас у паўнавартасную рабочую платформу, якая дапамагае пераадольваць геаграфічныя адлегласці, аб'ядноўваць акадэмічныя супольнасці і ствараць устойлівыя сувязі паміж трыма краінамі.

Ва ўрачыстым адкрыцці мерапрыемства прынялі ўдзел ганаровыя госці:

  • Андрэй Іванавіч Іванец, Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь;
  • Канстанцін Ільіч Магілёўскі, Намеснік Міністра навукі і вышэйшай адукацыі Расійскай Федэрацыі;
  • Бернард Жорг Леапольд дэ Гарсія Клінгл, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Федэратыўнай Рэспублікі Бразіліі ў Рэспубліцы Беларусь;
  • Андрэй Віктаравіч Малахаў, Першы сакратар Пасольства Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь.

У прывітальных выступленнях прагучала агульная думка: настаў час пераходзіць ад абмеркавання ідэй да рэальных сумесных дзеянняў. Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Андрэй Іванавіч Іванец падкрэсліў, што рэгулярнасць сустрэч ужо трансфармавала Лігу ўніверсітэтаў трох краін у рабочы механізм прамога міжуніверсітэцкага дыялогу:

Сёння перад універсітэцкай акадэмічнай супольнасцю стаяць сур'ёзныя выклікі і задачы – паглыбленне інтэграцыі ў галіне навуковых даследаванняў па тых напрамках, якія набываюць крытычна важнае значэнне для незалежнасці і суверэнітэту нашых краін, пашырэнне адукацыйных праграм, праграм акадэмічнага абмену, правядзенне стажыровак, навуковых мерапрыемстваў і форумаў, падтрымка маладых навукоўцаў і студэнцкіх ініцыятыў.

Намеснік Міністра навукі і вышэйшай адукацыі Расійскай Федэрацыі Канстанцін Ільіч Магілёўскі адзначыў, што Форум арыентаваны на дасягненне практычных вынікаў, а развіццё трохбаковага супрацоўніцтва стварае дадатковыя магчымасці для ўмацавання двухбаковых сувязяў.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Федэратыўнай Рэспублікі Бразіліі ў Рэспубліцы Беларусь Бернард Клінгл назваў акадэмічнае супрацоўніцтва адным з галоўных дыпламатычных дасягненняў дадзенага перыяду, а Першы сакратар Пасольства Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Андрэй Віктаравіч Малахаў падкрэсліў, што знаёмства з культурамі і абмен вопытам закладваюць падмурак даверу, неабходнага для раўнапраўнага дыялогу паміж дзяржавамі.

Стратэгічныя пытанні супрацоўніцтва і прыярытэты развіцця ў сферы адукацыі і навукі на бліжэйшыя гады абмеркавалі ў рамках пленарнага пасяджэння. Старшыня Рэспубліканскага савета рэктараў устаноў вышэйшай адукацыі, рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Богуш Вадзім Анатольевіч падкрэсліў, што супрацоўніцтва ўстаноў вышэйшай адукацыі Беларусі і Расіі працягваецца ўжо больш за трыццаць гадоў, а таксама дзесяць гадоў Беларусь плённа ўзаемадзейнічае з універсітэтамі Бразіліі. Партнёрства пачалося ў 2015 годзе пасля падпісання Пагаднення аб супрацоўніцтве ў сферы адукацыі паміж Беларуссю і Бразіліяй. У якасці ключавых вектараў узаемадзеяння былі названы лічбавыя тэхналогіі, штучны інтэлект, біятэхналогіі, медыцына, аграпрамысловы комплекс і забеспячэнне бяспекі. Прарэктар па міжнароднай дзейнасці Федэральнага ўніверсітэта Рыа-дэ-Жанейра Андрэа Ліма Белфорт Дуартэ акрэсліла галоўную задачу для акадэмічнай супольнасці:

Нацыянальны суверэнітэт немагчымы без навукі. Устойлівае развіццё немагчыма без тэхналогій. І сапраўдная стратэгічная незалежнасць немагчымая без Міжнароднага акадэмічнага супрацоўніцтва, заснаванага на ўзаемнай павазе, салідарнасці і ўзаемадапаўняльнасці народаў.

Ключавой падзеяй дня стала цырымонія падпісання двухбаковых дакументаў. Па выніках форуму прадстаўнікі 15 універсітэтаў з трох краін заключылі 12 пагадненняў аб супрацоўніцтве. Для Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта замежных моў правядзенне мерапрыемства стала магчымасцю пашырэння міжнародных кантактаў: універсітэт заключыў пагадненні аб супрацоўніцтве з Уладзімірскім дзяржаўным універсітэтам імя Аляксандра Рыгоравіча і Мікалая Рыгоравіча Сталетавых, а таксама падпісаў мемарандум аб узаемаразуменні з Федэральным універсітэтам Рыа-дэ-Жанейра.

Рэктар БДУЗМ Наталля Яўгеньеўна Лапцева адзначыла:

Для нас вялікі гонар прымаць Форум у год, калі наш універсітэт ставіць перад сабой стратэгічную задачу глыбокага вывучэння партугальскай мовы, у тым ліку яе бразільскага варыянту. Падпісанне Мемарандума аб супрацоўніцтве з Федэральным універсітэтам Рыа-дэ-Жанейра – важны крок у развіцці нашай сумеснай навуковай дзейнасці.

Па словах рэктара ўніверсітэта, новыя дамоўленасці стануць асновай для сумесных адукацыйных модуляў, даследаванняў у галіне лічбавай лінгвістыкі і штучнага інтэлекту, а таксама культурна-адукацыйных анлайн-курсаў.

У рамках форуму таксама адбылося пасяджэнне пленарных сесій. На базе БДУЗМ прайшла сесія «Дыялог культур і дыпламатыя ведаў: стратэгіі партнёрства ў зменлівым свеце», падчас якой абмяркоўваліся механізмы інтэрнацыяналізацыі ўстаноў вышэйшай адукацыі, роля моўных кампетэнцый у сеткавых партнёрствах і новыя фарматы акадэмічнага абмену, адаптаваныя пад сучасныя рэаліі. На базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта адбылася сесія «Навука, тэхналогіі, медыцына: сумесныя рашэнні для ўстойлівага развіцця». Абедзве пляцоўкі працавалі ў гібрыдным фармаце, што дазволіла экспертам з розных рэгіёнаў далучыцца да абмеркавання.

Дзякуючы сумесным намаганням арганізатараў Форум у чарговы раз пацвердзіў статус эфектыўнай платформы прамога акадэмічнага дыялогу. Дасягнутыя дамоўленасці будуць пакладзены ў аснову сумесных адукацыйных праграм на 2026-2027 навучальны год, а сфарміраваныя рабочыя групы пачнуць іх рэалізацыю ўжо ў найбліжэйшым семестры, працягваючы выбудоўваць устойлівыя сувязі паміж універсітэтамі Беларусі, Бразіліі і Расіі.

Последние новости